Урокі беларускай мовы і літаратуры - Валевачёвская СШ
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Урокі беларускай мовы і літаратуры

АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ЧЭРВЕНЬСКАГА РАЙВЫКАНКАМА
ДУА “Валевачоўская сярэдняя школа Чэрвеньскага раёна”
 
 
 
 
 
Конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў
“Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”
 
 
 
 
Канспект урока па беларускай мове ў 8 класе па тэме:
 
Паглыбленне паняцця пра паслядоўную і паралельную сувязь сказаў у тэксце
 
 
 
 
 
 
Падрыхтавала
Боршч Вікторыя Паўлаўна,
настаўніца беларускай
мовы і літаратуры
 
 
 
 
 
 
 
Валевачы

2013

Мэты і задачы:
üсадзейнічаць паглыбленню паняцця вучняў пра паслядоўную і паралельную сувязь сказаў у тэксце, пра сродкі сувязі частак і сказаў;
üудасканальваць уменні складаць двухсастаўныя сказы на тэмы, звязаныя з прыродазнаўчым матэрыялам, пісаць тэксты на аснове складзеных сказаў;
üвыхоўваць пачуццё любові да прыгажосці роднага краю.
Тып урока: камбінаваны.
Метад: тлумачальна-ілюстрацыйны, часткова пошукавы.
Віды дзейнасці: самастойная праца па картках, праца з падручнікам, праца ў групах, творчая праца.
Абсталяванне: карткі, схемы, прэзентацыя Power Point.
Структура ўрока:
       I.            Арганізацыйны момант.
    II.            Паведамленне тэмы і мэты ўрока.
 III.            Актуалізацыя ведаў і ўменняў. Псіхалагічная падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу.
IV.            Тлумачэнне новага матэрыялу.
   V.            Першаснае замацаванне новага матэрыялу.
VI.            Фiзкультхвiлiнка.
VII.            Работа па далейшым паглыбленні і абагульненні ведаў вучняў.
VIII.            Творчае заданне.
IX.            Падвядзенне вынікаў урока.
   X.            Дамашняе заданне.
XI.            Рэфлексія.
 
Ход урока
I.                  Арганізацыйны момант.
Вітаю вас, шаноўныя сябры, паважаныя калегі! Як прыемна, што ўсе вы цудоўна выглядаеце і, спадзяюся, у вас добры настрой. Я бачу вы ўсе гатовыя прыступіць да ўрока. Я жадаю вам поспеху і хачу, каб у вас усё атрымалася.
 

II.               Паведамленне тэмы і мэты ўрока.

Тэма нашага ўрока гучыць так: “Паглыбленне паняцця пра   паслядоўную і паралельную сувязь сказаў у тэксце”. Гэта значыць, што сёння на ўроку мы паглыбім веды пра паслядоўную і паралельную сувязь, будзем вучыцца самастойна складаць тэксты-апісанні пра прыроду роднага края. На ўроку будзем працаваць у чатырох групах, якія прадэманструюць нам сваё ўменне творча працаваць на ўроку, калектыўна авалодваць ведамі. У кожнага з вас ёсць індывідуальная картка самакантролю, у якой за кожнае заданне вы будзеце выстаўляць сабе пэўную колькасць балаў. У канцы ўрока ў вас атрымаецца адзнака.
Індывідуальная картка самакантролю
№ задання
Максімальная колькасць балаў
Колькасць балаў, якую выстаўляе вучань
1
2
 
2
3
 
3
5
 
 
Адгарніце, калі ласка, свае сшыткі і запішыце сённяшнюю дату і тэму ўрока.
 
III.           Актуалізацыя ведаў і ўменняў. Псіхалагічная падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу.
         Рабяты, ключавым паняццем сённяшняга ўрока з’яўляецца слова “тэкст”. А якое першапачатковае значэнне гэтага слова? Можа хто-небудзь з вас ведае? Вось перад вамі кавалачак тканіны і ліст з надрукаваным на ім тэкстам. Як вы думаеце, што агульнага паміж гэтымі прадметамі? Тады даведаемся разам.
 
(Кавалачак тканіны складаецца з мноства нітак, якія моцна звязаны паміж сабой; а тэкст таксама складаецца з некалькіх сказаў, якія звязаны адзін з адным па сэнсе і граматычна.)
 
        Рабяты, не выпадкова ж і прадпрыемствы, дзе ткуць тканіны, называюць тэкстыльнымі. Калі з кавалка тканіны мы выцягнем адну нітку, то сапсуем тканіну. Так і любы тэкст, страціўшы адзін або некалькі сказаў, можа страціць сэнс.
              Давайце разам звернемся да тлумачальнага слоўніка і вызначым лексічнае значэнне слова “тэкст”.
IV.           Тлумачэнне новага матэрыялу.
Звернемся да падручніка. На с. 107 зачытаем першае правіла.
У сказе звычайна выдзяляюць дзве часткі: першая — гэта тое, што нам вядома з папярэдняга тэксту ці з самой маўленчай сітуацыі, другая — гэта тое, дзеля чаго будуецца сказ. Першая частка называецца вядомым, а другая — новым. Напрыклад:
Рэчка Ружанка — тонкі блакітны паясок. Вельмі няспешная роўная яе вадзіца. (А. Бензярук)
         У першым сказе вядомае — Рэчка Ружанка, новае — тонкі блакітны паясок. У другім сказе вядомае — яе вадзіца, а ўсё астатняе — новае.
 
V.               Першаснае замацаванне новага матэрыялу.
         Для замацавання гэтага правіла выканаем наступнае заданне па картках: абазначце вядомае і новае ў наступных сказах:
1 група: Беларусь — старажытная краіна. Яна мае сваю багатую гісторыю.
2 група: Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Еўропы. Яна займае тэрыторыю плошчай 207, 6 тыс. км², што складае прыкладна 2 % ад плошчы Еўропы.
3 група: Наша дзяржава сухапутная, бо не мае выхаду да мора. З Беларуссю мяжуюць нашы суседзі — Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія.
4 група: Самая вялікая рака ў Беларусі — Дняпро. Яе басейн займае больш паловы тэрыторыі Беларусі.
 
VI.           Фiзкультхвiлiнка.
VII.        Работа па далейшым паглыбленні і абагульненні ведаў вучняў.
                    
           Рабяты, мы ведаем, што кожная тканіна мае яшчэ свой асаблівы ўзор, які ствараецца з дапамогаю розных тэхнік апрацоўкі. Так, і наш тэкст мае два асноўныя віды сувязі сказаў: паслядоўная і паралельная.
 
           Але гэта яшчэ не ўсё, калі мы паглядзім на чорную тканіну, то ўбачым, што ўсе ніткі ў яе моцна сплецены, яна трывалая, але не радуе нашае вока. А вось кавалачак каляровай тканіны... Ён прыгожы і навявае на нас добры настрой. Чаму? Для стварэння гэтай тканіны выкарыстоўваліся ніткі розных колераў. Вось так і ў тэксце, калі мы выкарыстоўваем розныя сродкі сувязі, мы робім яго ярчэй, прыгажэй, ён становіцца больш даступным для навакольных.
         Мы ўжо ведаем, што ў беларускай мове існуюць розныя сродкі сувязі сказаў у тэксце. Давайце ўспомнім іх. С. 110-111
         Для замацавання гэтага правіла выканаем наступнае заданне па картках: прачытайце тэкст; укажыце від сувязі сказаў у тэксце; назавіце ў ім сродкі, што забяспечваюць тэматычную сувязь.
 1 група:
Шэпча дожджык
Бясконца імжыць, штосьці шэпча дробны дожджык. Час ад часу ён прыпыняецца, адпачывае, а потым зноў пачынае паліваць усё наваколле. Дожджык добра вымыў апошнія антонаўкі. Яны ўпрыгожваюць старую яблыню, як навагоднія цацкі ялінку. У садзе адчуваецца іх водар.
 2 група:
Мяцеліца
Падняўся вецер. Густа і працяжна зашумеў стары лес на ўсе галасы. Пасыпаўся снег мільёнамі камячкоў дробнага, мяккага пуху. Неба змяшалася з зямлёю. Хутка насыпаюцца гурбы, гіне дарога. Усё зліваецца ў адну белую пялёнку.
 3 група:
Баброва хатка
Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між карэння старой вольхі. Вырыўшы каля пня вольхі ямку, ён робіць сабе такім чынам дно і сценкі логава. Зверху ён кладзе ачышчаныя ад кары палкі, робячы над логавам скляпенне і столь. Пазней на гэта месца бэлькі будзе ўкладзены лягчэйшы насціл. Яго звер зробіць з больш тонкіх і неачышчаных палак і галін.
 4 група:
Крылатае насельніцтва пушчы
Нямала ў белавежскіх лясах цецерукоў, рабчыкаў, курапатак, а на рэчках, балотах — дзікіх качак, жораваў, буслоў. У непраходнай глушэчы гняздзіцца на векавых дрэвах рэдкі птах — чорны бусел. Вясною і ў пачатку лета Белавежская пушча поўная жыцця, птушынага спеву. Непадалёк ад лясных рэчак выводзіць свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак салавей.
 
VIII.    Творчае заданне.
          На экране вашай увазе прадстаўлены цудоўныя пейзажы нашага роднага краю.  Ваша задача: скласці невялікі тэкст-апісанне, дзе 1 і 2 групы выкарыстаюць паслядоўную сувязь сказаў у тэксце, а 3 і 4 групы — паралельную.
 
IX.           Падвядзенне вынікаў урока.
           І вось мы з вамі на вяршыні гары ведаў. Яна пакарылася вам. Віншую! Падлічыце, калі ласка,  балы, якія вы выставілі сабе. Хто працаваў сёння на “10”? на “9”? на “8”?
 
X.               Дамашняе заданне.
§ 26, практ. 145, падрыхтавацца да кантрольнага пераказу.
 
XI. Рэфлексія.
А цяпер усміхніцеся адзін аднаму, цудоўнаму дню! Хай ад усмешкі стане цёпла на душы, хай яна дапаможа працаваць лёгка і радасна на наступных уроках. Да сустрэчы!